Вітаем Вас на сайце беларускага паэта Пімена Панчанкі
Як страшная зь нябёс пагрозных кара...
Як звоны срэбных крылаў у агні...
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён... З зэніту... Аб граніт.
Якая веліч, сіла і... журбота!
Як добра, ўзьняўшы дымны, зорны сьмерч,
Ў імгненьне найвышэйшага узьлёту
У лікаваньні раптам стрэнуць сьмерць.
Пімену Панчанку, У. Караткевіч
Вершы Пімена Панчанкі
За акном — бясконцых шын шыпенне...
За акном — бясконцых шын шыпенне.
Раптам, уварваўшыся ў пакой,
Скаланула музыка Шапэна
Мой шумлівы гарадскі спакой.
Я журботны плач паціху слухаў —
Чалавеку склалі дзве рукі.
Зрэдку барабан няўмольна бухаў,
Быццам забіваў ужо цвікі.
Род людскі пабольшаў і паменшаў,
Вечны рух на сцежках крыжавых...
А Шапэн аплаквае памершых,
А Шапэн жыве паміж жывых.
То ў працы, то ў дымным паходзе...
То ў працы, то ў дымным паходзе,
У потнай штодзённай турбоце,
А зрэдку ў лясах на выгодзе
На роднай любімай зямлі
Найлепшыя годы праходзяць,
А ў нас, пастарэлых, прайшлі.
Мы лішняга шчасця не просім,
Украдзенай славы не носім
I нават аб тым не галосім,
Што сэрцы навекі замруць.
Мы ўсе, нібы зерні з калоссяў, —
З зямлі ды ізноўку ў зямлю.
Нешта пройдзена,
Нешта знойдзена,
Прыгалублена,
Потым згублена.
А найлепшае не збываецца,
А найгоршае не забываецца.
I толькі родныя лясы
Знаходзяць нас ва ўсе часы.
I зоркі аганёк
Надзею шле здалёк
I абяцае шмат дарог,
Расчараванняў і трывог.
Ты толькі раз з дарогі збоч —
Паселіцца у сэрцы ноч.
Ад праўды раз адкруцішся —
Няпраўдаю атруцішся.
Трэ берагчы нам праўду слоў,
Як бор сваіх дзятлоў,
Як удава апошняе
Сваё дзіця...
I даражу я кожнаю
Расінкаю жыцця.
Франтавікі старэць не маюць права,
I колькі там гадоў ні набяжыць,
А нашы твары, як і нашы справы,
Заўсёды будуць маладымі жыць.
Бо іх такімі — з добраю усмешкай —
Запомнілі гісторыя і час,
I тыя полькі юныя і чэшкі,
Што ў сорак пятым абдымалі нас...
А хто не паспрыяў людскому шчасцю,
Каго і сёння гне халуйскі страх,
Дык той не франтавік, не нашай часці,
А недзе акалачваўся ў тылах.
Як позна ліпы сёлета цвітуць...
Як позна ліпы сёлета цвітуць:
Было так доўга холадна і хмарна.
На жоўтых крыльцах зерняты лятуць
I шэрыя фарбуюць тратуары.
А я прыпомніў паваенны час:
Жылі ў скляпах, зямлянках і руінах,
Душыў нас папялішчаў горкі чад,
I марылі мы ўсе пра зеляніну.
Вайна у сэрцах будзе доўга тлець...
Згадзіліся мінчане пацярпець
I мудрых тых людзей не асудзілі,
Што першым чынам ліпы пасадзілі.
Адплывае белы цеплаход
За абруч блакітны небакраю,
На прасторы хваляў і прыгод.
Я гляджу услед...
I забываю.
Бо на той на палубе няма
Ні сяброў,
Ні нечых мілых ножак.
Хай там будзе сонца ці туман,
Цеплаход мяне больш не трывожыць.
Так і цуды нейкіх авеню
I сады ружовыя Сарэнта
Ў памяці падчас пераганю,
Быццам бы старую кіналенту.
А было:
Старэнькі грузавік,
Абшарпаны і заліты граззю,
На якім мой сябра-франтавік
Ад'язджаў, —
Навек мяне уразіў.
Калі бывала весела,
Калі мне бывала радасна,
Я часта па цэламу месяцу
Твайго не знаходзіў адрасу.
Цяпер, адзінокі і стомлены,
Твой адрас так ясна успомніў я.
Пішу табе ліст і грахі свае,
Як горкую споведзь, апісваю.
А потым пытаю: навошта?
Не ходзіць туды цяпер пошта.
У «Спідале» равела.
Рыкала і раўло.
Хацелася Равеля
Паслухаць «Балеро».
Прыглушаны, аднекуль
Прытупаў ён здалёк,
Чыгунны поступ веку,
Жыцця вярблюджы крок.
I не заглушаць бітлы
Іспанскі той напеў:
У ім зародак бітвы
I нераскуты гнеў,
Бясконцыя прасторы
I вечны, вечны рух,
Далёкі голас гора,
I сіла дужых рук,
I гордае каханне,
Агонь і маразы,
Пустыні калыханне,
А ў далях — міражы.
Нідзе няма прывалу,
А бубны б’юць: «Хутчэй!»
I небасхілу мала,
I сонца ўсё ярчэй.