Вітаем Вас на сайце беларускага паэта Пімена Панчанкі
Як страшная зь нябёс пагрозных кара...
Як звоны срэбных крылаў у агні...
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён... З зэніту... Аб граніт.
Якая веліч, сіла і... журбота!
Як добра, ўзьняўшы дымны, зорны сьмерч,
Ў імгненьне найвышэйшага узьлёту
У лікаваньні раптам стрэнуць сьмерць.
Пімену Панчанку, У. Караткевіч
Вершы Пімена Панчанкі
Тры тысячы гадоў зарніцы падалі
У возера, на мяккі чорны іл.
I лотаць адцвітала, і без сіл
Тапілася, каб стаць для рыб прынадаю.
Праходзіў час. Палеглі ў багну гразкую
Стагоддзяў парыжэлыя пласты.
На купінах туман асеў густы,
I возера дзяды зрабілі казкаю.
Пачула моладзь — і ўзяла рыдлёўкі,
Каб адшукаць зарніцы ў іле глёўкім
I ажывіць дыханне траў і рыб.
Тры месяцы капалі дол напорна —
I расцвілі агні над торфам чорным,
I паплылі па дроце да сяліб.
Аб вясёлым цёплым доме,
Аб вясновых кветках першых,
Аб суседзях невядомых
Напісаць хачу я вершы.
Як напоўняцца кватэры
Маладымі галасамі,
Светлым сонцам, змрокам шэрым,
Пахам смажанага сала.
Дом з радзінамі, з каханнем,
З добрым смехам, з дробнай сваркай,
З невялікімі грахамі
Камунальнай гаспадаркі.
Дом, дзе ўбачыў я праз вокны
Не маленькі цесны дворык,
А прастор зямны шырокі,
Па якім сумуюць зоры.
Мы ходзім пад прыцэлам
Амерыканскіх ракет,
Амерыканцы ходзяць
Пад прыцэлам нашых ракет —
I гэта называецца —
Пасляваенны свет.
У Пентагоне
Сядзіць вар'ят на вар'яце.
I гэта называецца —
Мір у палепшаным варыянце.
Буду радавацца турбінам.
Футбольнаму голу
I тарфяному брыкету,
Буду славіць касмічныя палёты,
Фестывалі і форумы,
Дружбу паміж людзьмі,
Але пакуль чалавецтва
Ходзіць пад нацэленымі ракетамі,
Першае слова,
Якому трэба вучыць
Дзяцей і прэзідэнтаў, —
МІР!
Мы ўсе ў маланках і біятоках...
Мы ўсе ў маланках і біятоках,
У навальнічных успышках мы.
Яны, нябачныя нашаму воку,
Снуюць няспынна паміж людзьмі.
Бывае, нешта ў нас страпянецца,
Дык ведай: верны таварыш твой,
Забыўшы справы, к табе імкнецца
Са старамоднаю дабратой.
Калі ж з арбіты твой друг сарвецца,
Заўжды пачуеш, дзе б ты ні жыў,
Удар апошні роднага сэрца,
Апошні выбух яго душы.
У дні бяды і ў ранак Перамогі,
У дні, калі ты харашэў і рос,
Усе твае падзеі і трывогі
Я ў сэрцы нёс.
Я да цябе з усіх дарог вярнуся:
Вярнуся ў партызанскую радню.
Ты мне прабач, калі я зажуруся
Ля Вечнага агню.
Спакойнае дзяцей сваіх дыханне,
Шумі над іх калыскамі ліствой.
Маё ты ранне і маё каханне
I вечар сіні мой.
Мой родны Мінск,
Пад небам жураўліным
Жыві, квітней пад зоркай залатой.
Ты для мяне на ўсёй зямлі — адзіны,
Цябе люблю я ўсёй душой.
Бывала: вяртаешся з лесу ў маленстве...
Бывала: вяртаешся з лесу ў маленстве,
А сонца зайшло, і туман па нізінах.
I раптам здаецца, што сцішаны лес той
Суровым паглядам глядзіць табе ў спіну.
I страх азірнуцца, але азірнуся,
Затоена ўсё, ды нікога не бачу.
Дадому спалоханы трошкі вярнуўся,
Але не прызнаюся і не заплачу...
Цяпер за сталом у бяссонныя ночы
Мяне ахінае часамі трывога.
I спіну свідруюць суровыя вочы,
А як азірнуся — нікога, нікога.
Бойні свету у крыві і сале,
На садах зямлі — атрутны пыл.
Колькі раз гісторыю пісалі,
Кожны набіваў на свой капыл.
А яна жыла, і бунтавала,
I сама тварылася сабой,
Нараджала, раны бінтавала,
Памятала ўсё пра кожны бой...
Кожны дзень, не ведаючы зморы,
Пра вайну расказвалі дзяды;
Везлі ўнукаў у Хатынь да гора,
Чорныя паказвалі сляды.
Дзеці за падручнікі заселі,
Дыхалі віхурамі атак.
I чаму — яны не разумелі —
Сумна ў гэтых кнігах і не так.
Агрызаецца, ды звужаецца
Свет прыгнёту,
Пятлі
I свінца.
Рэвалюцыя прадаўжаецца,
Рэвалюцыя прадаўжаецца,
Ёй не будзе ніколі канца.
I за бітвамі навальнічнымі
Чалавецтва
Ізноўку ў баю:
Навуковая і тэхнічная
Скаланула планету маю.
Толькі звычкі былога
Панурыя
Аплялі нас і выюць:
Не руш!
Пачалася ўжо,
Хоць і не бураю,
Рэвалюцыя сэрцаў і душ.
1
У Каці добры вожык,
А з ёй гуляць не хоча.
У вожыка сто ножак,
Так ноччу ён тупоча.
I Каця вожыку крычыць,
Што хоча ножкі палічыць.
2
Ксюшачка, Ксюшачка,
Вось табе падушачка.
Дарагой маёй дзяўчынцы
Пазбіралі па пярынцы
Тыя гусі белыя,
Што па лузе бегалі.
Ты заснеш, ты заснеш
На сваёй падушачцы.
I не думай у сне
З гусаком падужацца.
Таварышы партызаны,
Пабыць вам патрэбна ў баях.
Забудзьце на тыдзень пра раны,
Забудзьце пра старасці страх.
Выносьце са слаўных музеяў
Свае баявыя сцягі,
Выносьце сцягі у завеі,
Выносьце сцягі у снягі.
Хай пройдуць за вамі унукі
Маршрутамі доўгіх сцяжын —
Без вашай блакады і мукі,
Без куляў, гранатаў і мін.
Ім, юным, цяпер неабходна
Не святаў парадная медзь:
Ваш подзвіг
I вашы паходы,
Калі вы хадзілі
На смерць.
Над белаю пустыняю аблок
Так ярка і самотна сонца свеціць.
Пад белаю пустыняю аблок
Гуляюць дзеці на маёй планеце.
На гэтай рэактыўнай вышыні
Не адчуваем руху, хоць нясе нас.
Спакойна, нібы едзеш на кані,
Як некалі на возе з мяккім сенам.
А там, дзе вецер воблакі змяце,
Я ў сінія акенцы пазіраю,
Гляджу, як самалёта лёгкі цень
Імкліва жыта на зямлі зжынае.